запрашэнне

Душнае сіняе лета змяніла пахкая вогнішчам цёмная макрота восені. Мы не сталі сябрамі з Чаротам, таму што абодва не бачылі ў гэтым сэнсу, і менавіта таму адзін аднаму сімпатызавалі. Нас аб’ядноўвала агульная мэта — даведацца больш аб істотах са шкла.

Пусты пакой Чарота цяпер нагадваў лабараторыю. Мы збудавалі падабенства акварыума з чатырох шкляных перагародак і напоўнілі яго шклом і крышталём, набытым на распродажы ў краме «Нёман». Увечары вазы, слоікі, графіны, колбы і бутэлькі асвятляліся студыйнымі люмінесцэнтнымі і святлодыёднымі лямпамі.

Чарот нічому мяне не навучаў, мы проста бавілі час разам, гледзячы на сілуэты ў нашай лабараторыі. Ён эканомна траціў грошы з заплечніка, падтрымліваючы наш сціплы лад жыцця, заснаваны на посным харчаванні, трох літрах вады ў дзень, прагулках у скверы каля дома і фізічных практыкаваннях. Мы амаль не размаўлялі. У размовах не было патрэбы. Увесь час адбірала сузіранне.

З часам, акрамя сілуэтаў у шкле, я стаў адрозніваць безуважлівае вясёлкавае святло і спружыністыя лініі, якія плаваюць у паветры. Чарот заўважыў, што мая ўвага захопленая не толькі сілуэтамі, і патлумачыў, што майму зроку сталі даступныя розныя спектры хвалевага і электрамагнітнага выпраменьвання. Калі я зразумеў, што магу перакрыжоўваць хвалі паміж сабой, караціць і падаўжаць, мяняць іх форму і колер, то я літаральна вылецеў са сваёй галавы і паддаўся самым розным фантазіям. Зрэдку, выныраючы з мройлівай смугі ў свядомасць, я бачыў упартага Чарота, які ў поўным засяроджванні сядзіць і глядзіць у акварыум. Што ён бачыў сваімі вачамі, я не ведаў і ніколі не пытаўся. Кожны раз, засынаючы, я апускаўся ў цёплую ванну вострасюжэтных ахінальных сноў, а на раніцу бачыў вясёлкавыя павуцінкі ў прасторы і ўсміхаўся ад сузіральнай прыгажосці ў стане халоднага самотнага шчасця.


Чарот не быў зразумелы мне раней. Я не мог разгадаць ніводнай рэдкай эмоцыі на яго твары. Але чым больш хваль і электрамагнітных уздзеянняў я бачыў, тым больш зразумелым рабіўся мне Чарот. Вось ён стомлены, змагаецца з унутранай спешкай і жаданнем спазнаць больш, чым ён здольны. Вось ён сумняваецца ў сабе і сваіх здольнасцях. А вось ён натхнёны, забыўся ў нетрах шкла. Толькі адзін Чарот успрымаўся мной як роўня, а астатні свет з усімі людзьмі, эмоцыямі, перажываннямі і рэчамі ператварыўся ў мэблю.

Я быў горача захоплены хвалевай невядомасцю і не мог адарвацца ад сузірання, таму што зразумеў, як ствараць мігаценні. Я пераключаў зрок з ультрафіялету на ўльтрачырвань і назіраў кліпаванае павуцінне ў раёне роўтара.

Мы эксперыментавалі з хвалямі і расстаўлялі вакол акварыума электрычныя прыборы, падносілі тэхніку да шкла і назіралі, як мяняецца адценне ў сілуэтаў са срэбнага на мігатлівы сіні. Пакой пульсаваў хвалевымі арнаментамі і ўзорамі праз уключаныя ў сетку парачку фенаў, мадэмаў і wi-fi-узмацняльнікаў.

Мае магчымасці пашыраліся. Змянілася і маё акустычнае ўспрыманне. Я пачаў адрозніваць мелодыю з сотняў царкоўных званочкаў, якія данасіліся нібы аднекуль з-пад вады. А пасля — чуць гук надыходзячых лічбавых дадзеных па радыёхвалях і іншыя вібрацыі на розных частотах. Вось чаму Чарот часцяком найграваў нешта на ксілафоне. За мелодыямі з акварыума хацелася ісці па пятах.

Мае бацькі, любімыя, сябры і знаёмыя здаваліся далёкай небыліцай з добрай казкі. Ніякіх трывог і болі. Ніякіх жаданняў і ілюзорнага самаатаясамлення. Эпічная адзінота, ад якой не было страшна. Я назаўжды з голасам у сваёй галаве, і ўся мая істота прымала такое светаўладкаванне. І калі ў адзін дзень я пачуў, што сілуэты запрасілі Чарота «туды», я не знерваваўся.

загрузка...