кубічны пакой

Усю ноч я варочаўся ў потным ложку. Праз дзве гадзіны буду снедаць у адпрасаваных штанах са стрэлкай, але з сінякамі пад вачыма велічынёй з кулак. Я перавярнуў гарачую падушку.

У галаве загучаў старэчы голас: «Што накрышыш, тое і высербаеш».

Я нахмурыўся і перавярнуў гарачую падушку: «Некаторыя рэчы ад нас не залежаць. Накрышыў сабе арганізаваны вечар з моцным сном, а высёрбваю бяссонніцу».

Шаўковая піжама пахла парашком, прасціна хрумсцела ад свежасці, скура рыпела ад чысціні. Я добра пракруціў усе варыянты таго, як мяне збіраюцца прадаць на органы, і таму паставіў на дзесяцідзённы таймер паведамленне для сям’і з адрасам, куды пайду ўжо праз некалькі гадзін. Яшчэ я пакінуў тастамент для бацькоў, дзе ўказаў, што замовіў наяўныя на ўсю суму, якая ляжала на ашчадным рахунку ў банку.

Каб хутчэй супакоіцца і, калі пашанцуе, заснуць, я перабіраў у галаве спіс таго, што вазьму з сабой на час трэнінгу.

Я пагладзіў і згарнуў рулонамі швэдар з афрыканскімі этнічнымі ўзорамі, твідавыя шорты з паласатым арлом на бірцы, вязаную камізэльку, кашулю з жабо, струменістыя штаны з віскозы і поліэстра, джынсы з чырвонымі стужкамі M + FG і стары пуловер са спартыўным пеўнем, які глядзіць улева. Калі махляр вырашыцца на забойства, маім апошнім жаданнем будзе ўвайсці ў стан смерці ў належным выглядзе.

Таблеткі. Сардэчна-сасудзістыя, антыгістамінныя, болесуцішальныя, гарачкапаніжальныя, заспакаяльныя, снатворныя.

Сухары, вітамін С, бутэлька вады.

Сродкі гігіены. Наборы па доглядзе зубоў, вушэй, пазногцяў. Дзіцячае мыла для далікатнай скуры, супрацьалергеннае.

Свечкі і запалкі каб пазбаўляцца ад піксельных галюцынацый у паветры.

Выпісаныя ў блакнот тэлефоны і адрасы. Партатыўная зарадная прылада. Складны баявы нож. Тыбецкія малітоўныя сцягі і тлумачальны слоўнік Ожагава на тысячу старонак.


У бяссонні вывучаныя на памяць урыўкі з Кнігі Мёртвых шапталіся мне самі па сабе:

«Думкі пра страхі, жах... Хай я пазнаю ў любых відзежах, якія б ні з’явіліся мне, адлюстраванні сваёй уласнай свядомасці. Хай зразумею я, што яны — толькі відзежы Бардо».

Я не адразу заўважыў, як у цемры на фоне абрысаў мэблі стала выступаць паветраная зярністасць. Часцінкі паветра збіваліся ў піксельную карцінку. У вушах ад страху зазвінела цішыня, і я пачуў, як грукае маё сэрца. Я падарваўся, не чакаючы, пакуль у паветры сфарміруецца поўная выява, і кінуўся да выключальніка. Яшчэ ні разу я не дагледзеў, у што ператварыцца піксельны малюнак.

Са святлом выява і зярняткі паветра зніклі. Задаволены перамогай, але ўсё яшчэ спалоханы, я не стаў выключаць святло і лёг у ложак.


Не спалася, і я ўключыў медытацыю для «сабранасці і спакою». Зайграла расслабляльная музыка з гукамі цуркатлівай вады, за якой рушыў услед абязбольваючы мужчынскі голас:

— Працягні свае далоні... паглядзі на іх... убач свае сінія вены, мазалі і складкі.... разагрэй іх... я... кладу табе ў далонь насенне... трымай яго... зараз... накрый яго далонню... няхай сілкуецца тваім цяплом.

Я ўявіў апельсінавае семечка, але выпадкова яго згубіў.

«Праклён, не атрымліваецца ўяўляць далей!»

Я націснуў на паўзу і з расплюшчанымі вачыма намацаў падлогу рукой. Семечка то з’яўлялася ў руцэ, то знікала. Змірыўшыся са сваёй фантазіяй, я ўдарыў па прабеле клавіятуры.

— З семечка праразаецца маленечкі зялёны парастак... як страла... ты ўжо можаш адрозніць ствол... і маленькія лісцікі...

Я засмучана паківаў галавой і працягнуў мацаць рукой па падлозе. У рэшце рэшт, мне давялося адматаць відэа на пачатак, каб зноўку атрымаць семечка.

— Карані... чапляюцца за зямлю... таўсцеюць... разбураюць межы твайго згустку... ты можаш кіраваць парасткам.

Цяпер я раздзіраўся паміж пустымі далонямі і тым, што ў далонях у мяне ўсё ж два семечкі. Справіўшыся са сваім розумам, я ўсё-такі змог уявіць карані, але яны, нібы скураныя змеі, хвасталі ўсё вакол у разгубленым парыве, білі мяне па твары і абвівалі вакол шыі. Сам жа парастак быў маленькі, з жоўтымі хворымі лісточкамі і перасоўваўся на вялізных каранях, як каракаціца.

— Твой парастак павольна цягнецца ўверх, пранізваючы цела... расце... па хрыбце да макаўкі... межы тваёй энергіі пашыраюцца разам з парасткам... парастак мацнее і мацнее... ён... становіцца дрэвам...

Мне прыспічыла паглядзець што значыць слова «энергія». Я адгартаў у канец слоўніка і прачытаў: «адно з асноўных уласцівасцяў матэрыі». Я раздражнёна зморшчыўся і адгартаў у сярэдзіну слоўніка: «матэрыя — аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе па-за і незалежна ад чалавечай свядомасці».

Я працягнуў слухаць як парастак мацнее і становіцца дрэвам.

Нада мной ляталі зялёныя цмокі з перапончатымі металічнымі крыламі, а вакол скакалі цыганскага выгляду лепрыконы ў аранжавым спецадзенні, яны гралі на невядомых мне музычных драўляных інструментах, упрыгожаных каштоўнымі камянямі.

— Дрэвам у квецені... ты заўважаеш, што побач шаўкавістая трава... бачыш белыя кветкі...

Лепрыконы круцілі тазам. Я паспрабаваў наладзіць свой розум на выяву дарослага дрэва і травы, але лепрыконы супрацьдзейнічалі маёй фантазіі.

Чым мацней я стараўся сфакусавацца на кветках і траве, тым больш пранікалі ў мае ўяўленні староннія аб’екты.

Белыя кветкі... Велізарнага памеру белыя лотасы загайдаліся ў медытатыўным такце пад блакітным небам. Пад іх масіўным лісцем хаваліся цэлыя дрэвы. Я слізгаў па пялёстках кветак, як па вадзяных горках, уразаючыся ў песцікі і збіраючы тварам жоўты салодкі пылок.

— Скрозь зямлю праразаюцца іншыя парасткі... маладыя... дрэвы... ты выгадаваў цэлы... сад дрэў... гэта твой сад... ты заўсёды... можаш у ім схавацца...

У маіх думках намаляваўся сад з Паўднёвага Захаду. У ім віселі прыбітыя да дрэў плюшавыя цацкі. У кустах лілейніку стаіліся пакрышачныя лебедзі. Сярод флоксаў і аксамітак мне ўсміхаліся каструльныя грыбочкі і ружовенькія поліэтылентэрэфталатныя пяцілітровыя свінкі, паблісквала малахітавым святлом лісце пластыкавых бутэлькавых пальмаў. У цэнтры саду я ўбачыў шклярніцу з ірваным цэлафанавым дахам, які агрызкамі развіваўся на ветры. У шклярніцы спаў нямыты бяздомны. Ён моцна прыціскаў да сябе паўпустую бутэльку чарніла. Так далікатна прыціскаў, што я б нават сказаў не бутэльку, а бутэлечку чарнільца.

— Шуміць вецер... ён гладзіць твае шчокі... зямля цёплая... ты ляжыш у траве... адчуваеш сонечнае цяпло... чуеш вецер...

Я так моцна засяродзіўся на пагладжванні ветру, што мне захацелася, каб мяне па-сапраўднаму пагладзілі... І вось, апрануты, я сядзеў у джакузі з прыгожымі жанчынамі ў намоклых сукенках малочнага колеру часу мадэрну, яны краналіся майго цела і тэатральна ўздыхалі... Я думаў, што гладзілі, але яны шныпарылі па кішэнях... у кішэнях былі апельсінавыя семечкі... вельмі шмат...

— Ты бачыш побач кусты з мяккім зялёным лісцем... адгортваеш іх і бачыш мора... яно зіхаціць на сонцы...

У джакузі залез бяздомны з чарнільцам, і жанчыны з піскам пакінулі мяне. Вада стала бруднай. На плячы ў бяздомнага сядзеў маленькі чалавечак і боўтаў нагамі. На паверхні джакузі плавалі апельсінавыя семечкі... вельмі шмат... Я прыліп да дна джакузі, нібы скотчам абматаны, і не мог вылезці.

— Ты садзішся ў позу лотаса... і заплюшчваеш вочы... і адтуль бачыш сябе... у цяперашнім моманце збоку... Ты... Там і Тут...

Я сцёр, садзьмуў, саскроб з думак джакузі з бяздомным і ўбачыў сябе ў летнім садзе, у шаўкавістым кавылі, у позе лотаса, з заплюшчанымі вачыма. Засяроджаны і ціхамірны Той Я назіраў за напружаным, тузаным і мяккацелым Гэтым Я, што сядзіць сонны ў сваім пакоі і мацае падлогу ў пошуках уяўнага семечка.

— Ты глядзіш на сябе адтуль... і кіруеш сабой тут і цяпер...

Я салодка пазяхнуў.

Чарот жыў на Трактарным заводзе. На вуліцы Стаханаўскай, у двухпакаёвай кватэры. У раёне быў устаноўлены партал часу ў васьмідзясятыя. Усё па-добраму светлае, як у сюжэтах з Дзяніскавых расказаў. Але кватэру Чарота савецкія людзі не назвалі б ні душэўнай, ні ўтульнай.

Як толькі я пераступіў парог кватэры, я адчуў зайздрасць. Не, тэлевізара 4К не было. Вінілавага прайгравальніка таксама не было. Кватэра была амаль пустая, і не падобная на кватэры дзэн-будыстаў-мінімалістаў з часопісаў. У мяне ўзнікла дзіўнае адчуванне, што час яму дадзены толькі для таго, каб рабіць галоўныя ў жыцці рэчы. І я зайздросціў, што нехта можа так думаць і ствараць сабе такія ўмовы.

Калі Чарот называў мяне Дымам, ён працягваў зычны «м», і гэта гучала да няёмкасці душэўна. «Дым-м» — рэхам адбівалася ў прасторы пустой кватэры, і гэтае «м-м» на канцы імя кожны раз прымушала мяне чырванець.

Мой настаўнік зладзіў мне экскурсію па кватэры. Габляваныя лакаваныя дошкі найстаражытнейшай старасці на падлозе і белая фарба найпершай свежасці на сценах. У калідоры мяне сустрэла дубовая Нарнія вышынёй у столь. Чароту давялося пастарацца, каб адчыніць дзверы гэтай шафы. Левая частка была цалкам вольная, туды з лёгкасцю магла б змясціцца пара чалавек. Чарот прапанаваў мне пакінуць рэчы ў шафе, але я зрабіў выгляд, што не пачуў, і моцна сціснуў ручку сумкі.

Я хутка прабег вачыма па ўсіх прадметах у пакоі Чарота і затупіўся. Драўляная дошка замест ложка. На ёй тоненькі матрац і баваўняная шэрая коўдра. Побач са спальным месцам — рассыпаныя цвікі і аскепкі шкла замест дошкі Садху. Апошняе — кнігі на падваконні. Зверху ляжала яна самая. Тыбецкая Кніга Мёртвых.

Вось і дэкарацыі пад’ехалі. Я ўпэўнены, што Чарот тут не спіць. Мішура для даверлівых. Я адчуў на сабе яго позірк. Чакае маёй рэакцыі? Вырашыўшы састроіць дурненькага і паказаць, што паверыў у гэты тэатр, я сказаў: «Някепскі пакой».

Калі мы ўвайшлі ў гасцёўню, я з палёгкай адзначыў, што буду спаць на аднаспальным драўляным ложку. У кутах — крэсла і невялікі Гамбанг ксілафон. Чарот сказаў, што яму вельмі падабаецца інданезійская музыка аркестра Гамелан. Мне яна таксама прыйшлася даспадобы пасля.

Тры квадратныя метры ваннага пакоя былі самымі багатымі на прадметы мэблі і дэталі. Прастакутная ванна, ракавіна і ўнітаз адлівалі беллю. Пахла хвояй. Чарот выкарыстоўваў для захоўвання прыладдзя плеценыя гамакі замест шафак. Ён выдзеліў адзін і для мяне, пад навясным люстэркам. Я звярнуў увагу на некалькі слоічкаў з балотнага колеру вадкасцямі і зморшчыўся.

Чарот сказаў мне не хвалявацца, калі я спытаў, ці ўваходзіць харчаванне ў трэнінг. На кухні стаяў абедзенны драўляны стол і тры розныя крэслы. Ракавіна. Пліты і халадзільніка не было. У трэнінг для мяне, відаць, уключана пранавае харчаванне. Палову кухні займаў вялікі металічны стол для гатавання. Пад ім — кошыкі з гароднінай і садавіной. На стале — ручная сокавыціскалка, гліняныя і драўляныя міскі, кубкі. На сцяне каля ракавіны віселі венікі з моху, якія Чарот выкарыстоўваў для мыцця посуду.

У пошуку, пра што такое яшчэ запытаць, я падышоў да акна і пачаў назіраць за афіцыянтамі з кафэ-бара насупраць. Прыгожае кафэ, з барэльефамі ў выглядзе русалак на ўваходных арачных дзвярах.

— А чаму ў кватэры няма раслін?

Чарот таксама падышоў да акна і пагладзіў пусты падаконнік.

— Я здольны на любоў, але мой шлях павінен быць самотным.

Я паабяцаў сабе не верыць ніводнаму яго слову, калі аддаваў у яго цёплую руку тысячу амерыканскіх долараў. Хаця ён мне падабаўся. Спакойны, ганарлівы і лёгкі, як дэсертны тытунь. Дарэчы, Чарот папярэдзіў мяне, што мы будзем працаваць з цвярозай свядомасцю. На працягу дзесяці дзён мне забаранялася прымаць усё, што можа моцна паўплываць на «яснасць розуму». Ну і цудоўна, што так. А то я баяўся, што карціначку мне на язык пакладуць, Бібліяй якой-небудзь зачытаюць — вось табе і ўвесь трэнінг.

Наогул, я ўяўляў сабе што мы будзем спяваць мантры, насіць ваду ў вёдрах па прыступках і медытаваць, а пачалося ўсё з прагляду кіно на праектары. Прыняць душ мне не дазвалялася і спаць я павінен быў у калючым швэдры з уключаным на высокую гучнасць экранам праектара. Абавязковыя ўмовы.

Вакол ложка я абматаў тыбецкія сцягі, але калі ўявіў, што імі ж магу быць удушаны, схаваў іх у сумку.

Я ўпотай глынуў заспакаяльнага, не распранаючыся лёг у ложак і накрыўся. Чарот пакінуў мяне ў пакоі аднаго. Пад коўдрай я трымаў баявы ножык у потнай далоньцы — на выпадак, калі Чарот выявіцца тым, кім я баяўся.


Сцэна № 1.

На экране з’явілася дзяўчына ў сукенцы з белых пацерак, што абліпала яе па фігуры. Яна сумнымі вачыма глядзела ў камеру і казала: «Я не магу выйсці адсюль».

Дзяўчына сядзела ў белым кубічным пакоі без вокнаў і дзвярэй з відэакамерай у руках і ўмольвала: «Дапамажы мне» Яна пыталася, як выбрацца, і станавілася ўсё больш маркотнай, не атрымліваючы адказаў. Палонніца, супраць сваёй волі зачыненая ў прасторы без прадметаў, цяжка дыхала ў прыступе панікі. Яна крычала і плакала, паўтараючы як заклён: «Я захрасла тут».

Яе боль быў зразумелы мне. Таксама ж палонніца была ў маім гусце, што рабіла мяне больш чулым да яе пакутаў.

У такт сутаргавым рыданням шумела яе сукенка з пацерак.

Звярнуўшы ўвагу на шкляны звон, прыгажуня выкінула нагу ўверх, каб пачуць гук яшчэ раз. Яна перастала плакаць, як дзіця, якога адцягнулі бразготкай. І вось яна ўжо кружыцца вакол сябе, смеючыся і граючы мелодыі сваёй бліскучай сукенкай.

Як я зразумеў, пасля яна звар’яцела, таму што размаўляла сама з сабой і жыва махала рукамі камусьці няіснаму.


Сцэна № 2.

Наступны сюжэт быў пра выцягнутага хударлявага хлопца з павучынымі доўгімі рукамі ўсё ў тым жа кубічным пакоі.
Хлопец абышоў пакой некалькі разоў, кранаў швы і пастукваў па сценах, затым сеў у кут і застыў на тры хвіліны хронаметражу з заплюшчанымі вачамі.

Дарэчы, фільм не хіліў мяне ў сон. Да таго ж ляжаць на падушцы, пад якой спартовая торба з рэчамі, — няёмка. Гэта ўсё было мне на руку, таму што спаць у маіх новых экстрэмальных умовах я не збіраўся. Распаленае цела калаціла ад хваляванняў і швэдра, ад якога было горача. Я закінуў яшчэ адну таблетку заспакаяльнага. Калі сюжэт фільма развіваўся ў цішыні, я прыслухоўваўся, ці не рыпяць дошкі ў падлозе. І я баяўся зняць швэдар, каб не даваць Чароту нагоды.

Пасля працяглага сядзення высокі хлопец падняўся і пачаў разбіраць камеру на дэталі. Ён ухмыляўся і пасмейваўся, разглядаючы унутранасці тэхнікі.

Вельмі хутка дэталі камеры, нават самыя дробныя, высцілалі падлогу кубічнага пакоя ў некалькі шэрагаў. Ад камеры нічога не засталося. Хлопец перабіраў дэталі, збіраючы іх у нешта сваё.
Фокус быў скіраваны на доўгія валасы хлопца і набліжаўся з лабараторнай магутнасцю, пакуль не апынуўся ўнутры шавялюры, якая была ўжо гіганцкага памеру.


Сцэна № 3.

Трохі пакруціўшыся ў валасах, карцінка пачала аддаляцца, вынырнула з валасоў тонам цямней і паказала ўсё той жа белы пакой без вокнаў і дзвярэй.

У ёй знаходзілася ўжо новая незнаёмая дзяўчына. Яна схілілася да вялікіх ступняў і выцягвала пазваночнік. Дзяўчына рабіла ўдых праз нос і выдыхала праз рот. Як і два папярэднія палонныя, яна ўзяла ў рукі відэакамеру і крыху пакруціла ў руках, але потым упэўнена закрыла аб’ектыў.

Яна не лічыла сябе палонніцай і не баялася. Дзяўчына заплюшчыла вочы і, відаць, пагрузілася ў медытацыю.

Я доўга быў разам з ёй у цішыні і без руху, назіраючы, як яна проста дыхала. Маю цішыню часам перапыняў буркатлівы ад голаду жывот. Я не дакрануўся да яблычнага пюрэ, якое прапаноўваў мне Чарот, з-за страху, што ў ежу можа быць нешта падмяшана. Я дастаў з сумкі сухары і ціхенька грыз іх над сурвэткай проста ў ложку, запіваючы вадой. Я сачыў, каб ніводная крошка не ўпала міма сурвэткі на прасціну, і зрэдку тузаўся, пазіраючы на дзверы і хапаючыся за ножык.

Камера была нестатычная. Ракурсы ўвесь час мяняліся, затрымліваючыся на целе і адзенні дзяўчыны, часам так блізка, што можна было лёгка пералічыць вяснушкі на яе шчацэ. Сюжэт скончыўся тым, што відарыс з тварам дзяўчыны перавярнуўся і знік.


Сцэна № 4

Пасля на высокай перамотцы замігцелі нарэзкі людзей у тым жа белым пакоі. Сотні відэакадраў. Адны ламалі камеры, іншыя плакалі, біўшыся рукамі аб сцены ў істэрыцы, і каталіся па падлозе.
Я бачыў, як адзін за адным палонныя разбівалі сабе галовы аб сцены куба, бачыў хлопца, які еў дэталі камеры, дзяўчыну, якая рэзала сабе рукі відэаплатай. Розных і розных людзей, і тых, хто задыхаўся ў паніцы, і тых, хто рагатаў са страхам у вачах.

Далей відэафрагменты паказалі 4 кадры на экран, затым 8, 16, 32, павялічваючыся ў геаметрычнай прагрэсіі да таго, што я перастаў бачыць маленькія квадрацікі.

Я разумеў, што белы кубічны пакой — гэта алюзія на жыццё пасля смерці. Пустэча Пятага Бардо з пачварамі, якіх мы, як гледачы, убачыць не можам, таму што гэтыя пачвары — не нашы. Я ўздыхнуў: «Я не змагу выратавацца, калі там, у Бардо, буду задыхацца ад жахаў і кашмараў, а бегчы ад іх мне будзе няма куды. І жыццё сваё ў Бардо наўрад змагу я абарваць».

Экран згас. І адразу ж пачаўся выпуск «Крывога люстэрка». Старога, з выгляду пачатку двухтысячных. На сцэну выйшла пара комікаў пад псеўданімам «Новыя рускія бабкі». Адна пачала расказваць, як ноччу апынулася ў міліцыі. Дастала з пластыкавага пакета сувеніры з начлежкі: фуражку, палку і кайданкі. Сказала, што кайданкі ў гаспадарцы спатрэбяцца: карову прышпільваць, каб малако не ўцякло. Затым яны сталі дырыжыраваць палкай.

Прачнуўшыся ад крыкаў і нарастаючай музыкі, я ўбачыў шчаслівых і чырвоных ад смеху людзей у зале, а на сцэне — персанажа з балалайкай, валасамі, якія тырчалі ў розныя бакі, і пятачком на носе. Я не зразумеў, ці новы гэта выпуск, ці ўсё той жа, накрыўся з галавой пад коўдрай, абняў сумку і заснуў абаранкам.  

загрузка...