за тэатрам музкамедыі

17:28. За тэатрам Музкамедыі я мружыўся на вярбу і камяні.

Стаяць там цэлыя паўгадзіны — значыць выставіць сябе прасцяком. Я пачну мацней хвалявацца і да часу нашай сустрэчы буду як пабіты кавун. Дапусцім, мой настаўнік — майстар аферы, дасведчаны ў псіхалогіі і той, хто умее счытваць жэсты, — таксама ўжо прыйшоў і назірае. Заўважыўшы мае ваганні, ён сапраўды вырашыць, што я цалкавіты паўдурак і мяне можна абвесці вакол пальца.

Вось чаму я прагуляўся да адваротнага боку фантана, да калючых кустоў ядлоўцу, пралез паміж імі і прылёг на зямлю сярод пустых бутэлек з-пад «Баброва» і «Хмяльнога» ў чаканні свайго ментара.

Нягледзячы на тое, што я часта адчуваў сябе страчаным, я быў знаходлівым скептыкам і лаяльнікам. У вольную хвілінку я ацэньваў усё навокал, нібыта гэта маё хобі.

Калі я паглядзеў на фантан, дык упэўніўся, што патэнцыял стваральнікаў Сэндайскага сквера, па ўсёй бачнасці, стрымлівалі. Ён быў абліцаваны савецкімі гранітнымі плітамі, якія з’явіліся тут раней, чым ідэя зрабіць сквер японскім. Побач не было гарадской адміністрацыі, але я пачуваўся бы пад гнётам ейнай прысутнасці. На Сэндайскую хвалю наладзіцца складана. Усё праз гранітныя пліты. На іх устанавілі дэкаратыўныя маскі, з рота якіх лілася вада. Скульптару не сказалі, якія маскі патрэбныя, і ён зрабіў як для пацыё ў Італіі.

На самім заснаванні фантана раслі елкі і ядловец, што абадралі мне рукі. Справа ад фантана пад ніцай вярбой і старой грушай цурчаў штучны ручай; ляжалі невялікія валуны; ля ручая насыпаная галька. На валуны ўзнялі каменны ліхтар — адзінае, што і праўда выглядала па-японску. Але, насуперак усім высілкам, японскім месца так і не стала. І калі зрабілі дохлы бамбукавы масток, таксама не стала. А міні-копія статуі Канан, папараць, бетонныя пагады, а прыбраць савецкія пліты?

Без дзесяці шэсць да месца падышоў невысокі хлопец з пшанічнымі валасамі па плечы і павязкай на лбе. На ім была чорная льняная кашуля з круглым выразам, і ў мяне не засталося сумненняў, што гэта мой настаўнік. Або махляр.

Як казала мая бабуля: «Хуткая вошка першая трапляе на грабеньчык». Я не збіраўся выходзіць і ўсё яшчэ пазіраў на хлопца, які цяпер чакаў мяне. У нейкі момант мне здалося, што той глядзіць проста на мяне, я затрымаў дыханне, але пераканаў сябе, што яго погляд накіраваны ніжэй, на маску фантана.

У 18:01 я па-пластунску даў заднюю ў самую глыб зараснікаў, праз блізка пасаджаныя духмяныя елкі. На хаду атрасаючы ад зямлі і травы свой далікатна-блакітны спартыўны касцюм, я, на сагнутых нагах і прыгнуўшыся як мага ніжэй, адбег назад да тэатра Музкамедыі, крута развярнуўся, выпрастаўся і пакрочыў да месца сустрэчы, як быццам і не хаваўся ні ў якіх кустах.


О божа, зараз будзе дыялог.


Мне трэба быць вельмі ўважлівым, каб у гэтым дыялогу распазнаць махляра. Мы павіталіся. Я прадставіўся. Ён кіўнуў і адразу прапанаваў прысесці, не назваўшы свайго імя. Пад намі была трава, ніякіх лаваў ці нават пакрывала. Я паспяшаўся нагадаць сабе аб кошце такой кансультацыі. І не прынесці нават цыраты...


Ён сеў у паўлотас і моўчкі чакаў. Я ж, памятаючы аб тым, што павінен паводзіць сабе з годнасцю і паказаць, што не з прасцякоў, адлюстраваў незадаволенасць падціснутымі вуснамі і скрыўленым тварам.

— Сядай дзе стаіш, твае штаны ўсё роўна ў смале.

Я паслухмяна прысеў і паглядзеў у твар, які заўсёды хацеў мець. Спакойны, з лёгкай усмешкай. Подумкі, як і належыць маёй зменлівай натуры, я ўжо паспеў змяніць недавер на адкрытасць і дабрадушна ахрысціў яго «прыгожы хлопец», вырашыўшы, што ён заслугоўвае гэтыя 50 рублёў і што ён ужо і так на мяне паўплываў.

— Мяне клічуць Чарот. А цябе будуць клікаць Дым.

Я глядзеў на яго здзіўленымі вачыма і спрабаваў зразумець чаму, бо я нават не палю. Можа, ён ведае і пра запальніцу?

— Ты напісаў, што баішся сваёй свядомасці.

Я кіўнуў.

— Баішся, што сілай думкі створыш свае страхі.

Я ў ступары глядзеў на зямлю, адчуваючы, як да горла падступае мой няшчасны досвед, назапашаны за ўсё жыццё. Распавесці незнаёмцу пра тое, што раздзірае знутры, чамусьці лягчэй, чым таму, каго даўно ведаеш. І я расказаў. Пра раздвоеную цацачную галаву і пра карцінкі на шафах. Пра ўсё. Ён выслухаў мяне моўчкі і сказаў:

— За дзесяць дзён я падрыхтую цябе да бойкі з тваёй свядомасцю. Будзеш жыць у мяне.
загрузка...