празрыстая прастора
N-BOX

Залатая светлавая сфера павольна пашыраецца, як быццам у дрыготкім дыханні. Мігціць звыштонкімі іскрамі. На ўдыху святло трэскаецца, агаляючы абсалютную бель, з якой пузырацца перламутрава-ружовыя жамчужыны.

Паўза.

Сфера знаходзіцца ў спакоі некалькі іёктасекунд. Потым жамчужыны лопаюцца, сферавы шар пачынае скарачацца. Змяншаючыся ў памерах, ён павольна ўцягвае назад белае свячэнне і выпускае ледзяныя шыпы.

Шар сціскаецца і сціскаецца. Ён адкідвае блакітнаватыя цені ў прастору. Шыпы растуць ва ўсе бакі, каб праткнуць эфір металічным холадам. Затым заміраюць і ўцягваюцца зваротна.

Цыкл паўтараецца.

Сфера зноў пашыраецца і залатое ўзроўневае свячэнне трэскаецца, агаляючы бель. З’яўляюцца перламутравыя жамчужыны.

Сфера НІКОЛІ не спыніцца. Жудасная думка. Жамчужныя бурбалкі будуць лопацца, але светлавое дыханне, як канвеер, зробіць новыя.

Сфера дыхае бязгучна. Бо ў бярушах нічога не чуваць. Бярушы былі абавязковай умовай Чарота: я мусіў імі скарыстацца, перад тым як глядзець гэты відэафрагмент.

Экран згас.


За наступныя дні, што я жыў у Чарота пасля пройдзенага мной задання, я спажыў шмат кантэнту, практычна не робячы перапынкаў на сон. «Толькі адзін цыкл, Дым», — шаптаў Чарот, схіляючыся нада мной, каб абудзіць. Ён кажа, што важна дайсці да стану інфармацыйнай перагрузкі, каб я змог нарэшце сёе-тое ўбачыць.

Я паглядзеў перадачы пра малекулы, інтэрв’ю з крымінальнымі аўтарытэтамі, поўнаметражныя анімэ, відэапрыколы ў стылі «паслізнуўся на банане», савецкія мульцікі, фантасмагорыю з найгранай астралагічнай вядзьмаркай, навінавыя выпускі, відэа сімфанічных аркестраў, выпускі «Крывога люстэрка», арт-парнаграфію, шум тэлевізійных перашкодаў з белай мітуснёй, які змяняўся застаўкай каляровай настроечнай сеткі і відэа са святлом.

Раскрыты заплечнік з грашыма валяўся на падлозе. Мне было прыемна ад упэўненасці, што Чарот грошай не возьме, Чароту — ад майго даверу, а нам абодвум — ад абыякавасці да тоўстых пачкаў магчымых задавальненняў.

Я распоўзся на тоненькім матрацы ў свежым паветры пакоя Чарота і глядзеў на чыстыя поры яго прыгожага аблічча, калі ён схіліўся нада мной, трымаючы ў руках шкляную вазу.

— Бачыш? Апішы, што бачыш, — папрасіў Чарот і тыкнуў яе мне ў твар.
      — Бляск.
      — Які?
      — Які адлюстроўвае.

Чарот пакруціў галавой і сышоў уключаць наступнае відэа.

На экране з’явілася застаўка «У свеце жывёл» з Мікалаем Драздовым. Прыморскі край, 1982 год. Мікалай Мікалаевіч у сінім швэдры з трохвугольным выразам ля горла і манерамі Джэймса Бонда цікавіўся ў дырэктара Усурыйскага запаведніка пра мядзведзяў. Мае думкі раз-пораз адляталі і не было сіл сканцэнтравацца. Я слухаў, але не чуў. Глядзеў, але не бачыў. У туманных думках мая свядомасць закрывалася ад вуснай інфармацыі, спажываючы толькі візуальную.

Погляд утаропіўся на паўзучую гусеніцу на экране, я назіраў яе мэтанакіраваныя рухі, разглядаў аранжавае мясістае цельца на кантрасце з зялёным лісцем. Праз назіранне за яе ўпартым рухам наперад і папераджальнай ахоўнай афарбоўкай прыйшла думка, што мы ўсё — адны і тыя ж камякі, што імкнуцца наперад, насычаныя адной з асноўных уласцівасцей матэрыі, энергіяй. Перадача «У свеце жывёл» ператварылася для мяне ў кінаўспамін аб тым, якое складанае і страшнае жыццё можа чакаць мяне пры перараджэнні, калі я не спраўлюся з сабой у гэтым жыцці.

Мікалай Мікалаевіч трымаў у руках амурскага полаза і нешта распавядаў, але праз фізічную стомленасць я па-ранейшаму не мог сканцэнтравацца на сэнсах і зразумець яго словы. Затое чарада наступных кадраў абліла мяне прыгажосцю. На экране пад музыку флейт зафарбавалася каралавая гронка бліскучых ягад. Свядомасць прапусціла інфармацыю, што гэтая гронка называецца жэньшэнь, і зноў абстрагавалася. Змрочныя бледныя рукі выкопвалі з коранем парастак жэньшэню з зямлі. Ляталі лясныя махаоны. Бегалі плямістыя алені. Хацелася гарэзіць разам з жывёламі, плаваць з рыбамі, пырхаць з насякомымі. Я адчуў упэўненасць, што ўсім гэтым ужо быў. Ужо бегаў, скакаў і пырхаў, а вось менавіта гэтай чалавечай сумессю не быў ніколі.

Абсалютнае наватарства.

Калі перадача скончылася, Чарот зноў сунуў мне пад нос шкляную вазу і спытаў, што я бачу

Я разгублена замыкаў, і Чарот пайшоў уключаць новую інфармацыю.

На экране з’явіліся робаты ад Boston Dynamics, відэа з малпачкай, якая паліла касяк, затым праходжанне мабільнай гульні, дзе мэтай было злавіць антрапаморфную котачку, пераадолеўшы лабірынт, і заняцца з ёй сэксам. Танцы робатаў напалохалі б мяне, не будзь я стомленым. Накураная малпачка не выклікала зайздрасці нестандартнасцю жыццёвага досведу для асобіны з атраду прыматаў, а гульня з сэксуальным кантэкстам не навеяла трывогу аб дэградацыі грамадства. Мне было ўсё роўна на гэты рандом.

Нічога мяне не трывожыла і не раздражняла, таму што я стаміўся да поўнай безудзельнасці, і ніякія хваляванні не маглі перамагчы сілу маёй абыякавасці.

Чарот разамлеў побач, не губляючы бадзёрасці, і уважліва сачыў каб я не засынаў. Усярэдзіне мяне разлівалася цеплыня ад яго ідэальнасці... Спакойны і паветраны, ён не быў персанажам. Са сваімі будыйскімі схільнасцямі Чарот станавіўся падобны на белую сцяну, з якой знялі ўсе карціны. Ён не можа гучна зарагатаць, яго ўсмешка стрыманая, і ад яе адразу перастаеш смяяцца. Тым больш яго не ўбачыць тым, хто робіць глупства, і ў дадатак у яго нудны выгляд, як быццам ён усё ведае. Чарот — забойца індывідуальнасці. Вораг арыгінальнасці. Ён аддаў ідэі, у якую верыў, усе свае адметныя рысы і няправільнасці, пакінуўшы сабе толькі адстаронены спакой. Але пры гэтым яго вытрыманае валоданне сабой мяне захапляла. А ў яго імкненні бачыць больш, чым яму было даступна, не было самалюбавання. Яно было безэмацыйным. Ён забіў свае лялечнае эга, якое жадала бліскаць на арэне, асветленай пражэктарамі з утоеных несвядомых страхаў і збянтэжанасці.

— Адчуваеш, як усё бессэнсоўна? — раптам спытаў Чарот.
      — Так-так-так-так, — залапатаў я, як п’яны, з вялікай сімпатыяй да Чарота. Я ж заўсёды так шмат думаў пра сэнс, што сэнс ужо даўно стаў бессэнсоўным, а цяпер асабліва. Гэта як увесь час паўтараць адно і тое ж слова, пакуль табе не здасца, што такога слова няма зусім.

Пад акном лаялася брудная парачка са страшнымі тварамі, апухлымі ад алкаголю.

— Аддай мне, шлёндра.
      — Я табе зараз джала вырву, н4х*й.
      — Я-це-вырву, я-це-вырву, а!
      — Роээт закрый!

Мы з Чаротам стаялі каля акна. Не было месца ні спачуванню, ні асуджэнню. Мая абыякавасць расцвітала гарлачыкамі ў грудзях зялёнага балота цягамоціны. Сусветную яркасць выставілі на максімум, а час і хуткасць на мінімум.

Чарот разнасцежыў акно, чым прыцягнуў увагу брудных палюбоўнікаў.

— Што трээээббаа, пеўні? — пракрычаў мужчына ў чырвона-белай куртачцы «Supreman», усё яшчэ трымаючы за запясці сваю нецвярозую сяброўку.
      — ШТААО ТТРЭЭААББА?? — п’яніца выпусціў грубыя жаночыя рукі і адразу ж атрымаў імі па лысай галаве, але на біццё не адказаў. Ён, хістаючыся, падняў з зямлі камень і запусціў яго, моцна прамазаўшы, кудысьці ў сцяну, вылаяўся і схіліўся ў пошуках іншага.

Чарот вадзіў пальцам па Тыбецкай Кнізе Мёртвых, не зводзячы з парачкі спакойных вачэй.

П’яніца, мацюкаючыся, вярнуўся да акна, прыцэліўся і са шпаркасцю школьніка шпурнуў камень з усёй сілы, цяпер ужо дакладна нам у акно.

Калі каменю заставалася да нас некалькі метраў, Чарот схапіў у рукі Тыбецкую Кнігу Мёртвых і адбіў камень кнігай уніз на клумбу.

Тым часам на мужчынку абрынуліся жаночыя кулакі, і ён забыўся пра нас, з хрыплай лаянкай заломваючы рукі сяброўцы.

— З кармічным перараджэннем сярод нас шмат жывёл у чалавечых абліччах. Такое быццё, — Чарот адышоў ад акна, вярнуўся да мяне з вазай і зноў спытаў, што я бачу.

Я ўзяў вазу ў рукі. Халодная старая танная ваза са шкла. Я чакаў незвычайнага адлюстравання або бляску, але паглядзеў на яе і не паверыў сваім вачам. Я ўбачыў за шклом знікомыя сілуэты людзей, бліскучыя, як вадкі галій або алюміній. Я паміргаў і пацёр вочы. Сілуэты з аднолькавымі «Сімс 2» тварамі змешваліся, як мурашкі, і знікалі адзін у другім.

Я страсянуў вазу, каб паглядзець, ці не захістаюцца сілуэты, але тыя існавалі адлюстраваннямі ў сваёй прасторы як нічога ніякага. Я зазірнуў унутр вазы — пуста. Потым зноў скрозь сценку — сілуэты крочылі як ні ў чым не бывала. Аб’ёмныя, яны існавалі самі па сабе.

— Чалавечкі! — захоплена ўздыхнуў я. — Не можа быць!

Чарот паправіў свае пшанічныя валасы пад павязанай зверху банданай:

— Чароўныя сутнасці.

Я не мог адарвацца ад маленькіх бліскучых чалавечкаў. Чарот схіліўся з другога боку вазы і паглядзеў на мяне скрозь шкло.

— Твая абыякавасць — правадыр да формаў святла, нябачных чалавечаму воку.

Чалавечкі не спыняліся.

Маё мінулае жыццё з пікселямі ў пакоі і накапляльніцтвам памяталася так млява, быццам усё адбывалася не са мной, а нібы я бачыў тое жыццё дзесьці ў кіно. Нешта рацыянальнае ўсё ж прымусіла мяне падумаць аб таймеры, які павінен быў запусціцца праз суткі і адправіць бацькам мешаніну з мінулых эмоцый пра міліцыю і грошы. Я выдаліў таймер-паведамленне і папрасіў не трывожыцца пра мяне, растлумачыўшы гэта тым, што ад’язджаю далёка, каб стаць пустэльнікам.

загрузка...