загрузка...

інтра гаротніка

Пра мяне кажуць, што я баязлівы. Я паглядзеў значэнне гэтага слова ў тлумачальным слоўніку Ожагава — чалавек, які лёгка паддаецца страху. Слоўнік Ожагава я гляджу часта, таму што словы мне здаюцца проста наборам гукаў і я не ўпэўнены, ці правільна іх сэнс разумею. Я б сказаў пра сябе, што не ведаю, як расслабіцца, і падобны на зламаныя вагі: знаходжуся ў напружанасці і сталым чаканні, што нешта небяспечнае са мной здарыцца. Мяне ўсё навокал пераважвае.

Трымаю запальніцу ў сваёй торбе, але сам не палю. Гэта замаскаваны электрашокер.

Не хаджу пустымі вуліцамі пад ліхтарным святлом, а трымаюся ў цені каля абочыны, што можа камусьці паказацца нелагічным, але не мне. Ступаю ціха, рэдкі каменьчык праслізне пад маімі красоўкамі. Не паварочваюся на гукі, але бакавым зрокам сачу за ўсімі ценямі і рухамі. Дыхаю роўна, напагатове запальніца. Мару аб спакойнай рэакцыі на нечаканага сабаку ці прахожага, але кожны раз мяне перасмыкае і я сарамліва знікаю з іхняга полю зроку.

Як у слоўнік Ожагава ні загляну, то заўсёды «той, які лёгка паддаецца». Карацей, я — чуллівы чалавек, які паддаецца ўражанням, сумненням, эмоцыям.

Памятаю, як познім вечарам ішоў дварамі на Паўднёвым Захадзе да аўтобуснага прыпынку. На таксі не езджу, хаця на Volkswagen Polo грошы і сам сабраў. Іду ў цемры і бачу ўжо арку, за якой праспект і транспарт. Крочу сцежкай праз яблыневы садок і заўважаю, як паперадзе стаіць пачварны сілуэт, у якога дзве галавы. Мае ногі працягвалі ісці, а я думаў, што мне рабіць. Ці сказаць яму што першым? Ці запытаць запаліць?

Калі б быў тут такі сіямскі блізнюк, дык я б ведаў пра яго існаванне і быў бы ён мясцовай славутасцю. Але ён стаіць паперадзе, паліць і пастуквае нагой.

Мінаю яго і выдыхаю.

Упрыгажэнне ад жыллёва-камунальнай службы. Прыбілі да дрэва плюшавага звярка, апранулі яго ў скураны плашч і будаўнічую каску. Я прыняў кіпу лісця за кучаравага, а цацку — за іншага, які паліць. Цацачныя пластыкавыя вочы касіліся ў розныя бакі. Правы ўтаропіўся адкрыта на мяне, і пад пільнай яго ўвагай я прайшоў міма.


Мне часта мроіцца рознае. Неяк я быў з дзяўчынай у ложку. У цемры я амаль не бачыў сваю палюбоўніцу, толькі яе абрысы. І па сваёй чулай прыродзе стаў углядацца пакуль не ўбачыў шырока раскрыты чорны рот, мутныя вочы і вузкі твар, як у японскіх прывідаў з таго свету, што паказваюць у фільмах жахаў.

У пакаёвым паўзмроку я бачу пікселі, з якіх складаюцца карцінкі. З’яўляюцца на шафе — жмуруся, але і з зачыненымі вачамі бачу іх на ўнутраных павеках. Толькі святло ратуе ад піксельных карцінак з галавы, таму часта сплю неэканомна. На выпадак выбівання пробак у шуфлядцы ляжаць ліхтарык і царкоўныя васковыя свечкі. Я купляю іх не таму, што веру ў іх «цудатворнасць», — проста яны смачна пахнуць пчоламі. Яшчэ я чуў, што пары ад парафінавых свечак выклікаюць рак.

Мая хатняя вопратка — хіповая квяцістая майка, але я не палю. І справа не ў грашах, зусім не ў грашах, хоць я свае сабраныя марнаваць баюся. Сумненняў шмат. Бацькі кажуць, маўляў, ты дурань, не збірай, а інвестуй. У тым і справа, што я, напэўна, дурань, таму і каплю.

Адзінае, на што я лічу дазваляльным патраціцца, — гэта адзенне. У мяне няма ні шафы, ні падлогавай вешалкі, затое есць касцюмерны пакой. Мне падабаецца прыбірацца і прымерваць вобразы. Унутры мяне жывуць меланхолія і жаданне быць незаўважаным, а пінжак я апранаю салатавы. Але я не клоўн. Гэты салатавы пінжак для мяне - вампірскі маскарад, а не цырк.

Я прасую стрэлкі на штанах, шарую замшу на красоўках, здымаю катышкі са спартовых дзядулевых кофт сямідзесятых гадоў. Усе гэтыя дзеянні дораць мне часовы спакой, і я забываюся на тое, што магу памерці ад вакууму ў грудзях і спынення сэрца, няўдачна спатыкнуцца, папярхнуцца ежай падчас абеду, машына можа наехаць на тратуар... Шчасця вялікага мне не трэба. Мне абы ледзь сумна заўсёды, але без адчування, што свет зараз разваліцца, выцячэ скрозь пальцы або што я ўпаду на самое яго дно, дзе мяне раздушыць ўсім дрэнным, што толькі можа здарыцца.

Мне хацелася жыць і дыхаць крыху вальней, таму я вырашыў далучыцца да рэлігіі. Што ні кажы, а з грашамі ды Богам — бяспечней. Мяне вабіў будызм, а не хрысціянства. Я — чалавек хрышчоны, і як пахне ладан ў царкве мне падабаецца, але мая бабуля ўсю любоў да хрысціянства адбіла.

Гэта праз бабулю: хрысціянства асацыявалася ў мяне з яе старымі крыкамі і пахам ануч для мыцця посуду. У дадатак мая рэпутацыя перад гэтым самым Божанькам была ўжо заплямленая малітвамі за дурня і гультая, якога толькі б выратаваць і захаваць.

Выявы моцных мужчын, якія медытуюць, натхнялі мяне. Я думаў пра каштоўнасць моманту і цікавіўся асанамі ў інтэрнэце. Сяк-так усё гэта ўжо пачало было дзейнічаць, як выпадковым чынам да мяне ў рукі трапіла Бардо Тхедол, або Тыбецкая Кніга Мёртвых. Кніга, у якой я спадзяваўся знайсці спакой, наадварот, нагнала на мяне жах. Я не мог паверыць, што кніжка можа аказацца наборам ідэй, якія ніяк не сцерці з памяці.

Я прачытаў яе за суткі, спыняючыся, адсоўваючы яе пад грукат сэрца і разгортваючы зноў. У самой кнізе апісваліся тры Бардо. Чыкаі Бардо — стан у момант смерці. Ханіід Бардо — працяг жыцця пасля смерці. Сідпа Бардо — пошук новага Нараджэння.

Я баяўся Ханіід Бардо. Пасля смерці мы застаёмся спаць у сваёй галаве і блукаем уласнымі ўспамінамі, жаданнямі й страхамі.

Калі пры жыцці хтосьці дзейнічаў смела, то ў Бардо ён таксама доблесна пераможа, спакусы, грахі і пачвар з галавы, перародзіцца ў годную істоту або, як казала кніга, выйдзе з кола перараджэння.

А што рабіць таму, хто баіцца прачнуцца ў прыбіральню пасярод ночы з-за піксельных карцінак або з-за сілуэта, што раптам навісне над ложкам?

Я быў сумна ўпэўнены ў тым, што са сваёй свядомасцю мне не зладзіцца.

Мяне атачалі розныя людзі, але больш за ўсё я заганяўся, сустракаючы пазітыўных дурняў з фразамі кшталту «думкі матэрыяльныя». Я ведаў, што думкі матэрыяльныя, бо мы жывём у свеце, створаным са слізкай бліскучай слізі, у свеце, поўным невытлумачальных рэчаў. А яны ведалі, што думкі матэрыяльныя, бо жылі на паверхні, упэўненыя ў тым, што нейкі Сусвет, як Навагодні Цуд, выконвае ўсе жаданні, варта толькі захацець. Але захацець па-сапраўднаму, казалі яны.

Так, плюсам да ўсіх маіх недахопаў з’явілася яшчэ і зайздрасць. Яны будуць выйграваць у конкурсах і знаходзіць каханне, а я — хварэць на невылечныя хваробы і гібець у галечы. Толькі таму, што я разумнейшы і таму, што не магу перамагчы свае смяротныя думкі.

Я не разумеў, як жыць і дзеля чаго, таму стаў пазбягаць людзей, бо яны, у адрозненне ад мяне, гарэлі жаданнем жыць і ведалі навошта. Іхнія зямныя горычы і радасці здаваліся мне бессэнсоўнымі. Я аддаліўся ад сяброў, дзяўчаты перасталі мяне цікавіць, а музыка, якую я раней археалагічна вышукваў, не выклікала трапятання. Мяне захапляла Кніга Мёртвых, адзенне і назапашванне грошай.

З кожным днём жылося мне больш трывожна, а свет здаваўся вялікім мультфільмам. Нейкім цудам я выжываю штодня і свет не разбураецца, але гэты цуд — непадкантрольны. Я нават стаў хадзіць у шэрыя будынкі і выносіць адтуль паперкі з кодамі F40.8, F41.0, F41.2, F41.9, F42.1, F48.1, F55.0, F55.4, F55.6.


Маё выратаванне прыйшло ў рэкламным пасце. «ПАДРЫХТОЎКА ДА ВЫПРАБАВАННЯЎ У ЗАМАГІЛЬНЫМ СВЕЦЕ. Дзесяцідзённы Трэнінг». Я чытаў умовы трэнінгу, будучы ўпэўненым, што трэнінг стварыўся толькі таму, што я сам сабе яго прыдумаў, сваёй моцнай свядомасцю, а не таму, што штучны інтэлект абапіраецца на мае інтарэсы.

Тысяча амерыканскіх долараў. Навучальная праграма складаецца па выніках кансультацыі. Кансультацыя аплачваецца асобна, «50 BYN, наяўнымі». Калі падыспытны не спадабаецца трэнеру, той у праве яго не браць і, у такім выпадку, кошт кансультацыі не вяртаецца. Несумленныя ўмовы, але я згодзен.

Кансультацыя пацверджаная на заўтра, 18:00, Сэндайскі сквер, ля вярбы і камянёў. Напэўна, будыст. Гэта мне пасуе. Водгукаў на яго трэнінгі не бачу ніводнага. Не ведаю ці змагу я, заўважыўшы шахер-махер, знайсці ў сабе адвагу і сказаць: «Я на гэты лахатрон не павядуся», — запатрабаваць грошы назад і сысці.

Лепш спачатку шукаць падвох, вядома, а потым ужо плаціць.